понедельник, 29 марта 2021 г.

Нечаканыя факты з жыцця Максіма Багдановіча.

 

Маці засмучалася, калі Максім і ягоныя браты размаўлялі па-беларуску

У лісьце да мужа Адама Багдановіча (29-га траўня 1895 г.) Марыя Багдановіч пісала пра сваіх дзяцей: «...Вось толькі кепска, што сталі гаварыць па беларуску і часам такое слоўца ўлупяць, што хоць пад зямлю праваліся».
Сям’я Багдановічаў, 1894

Быў непаслухмяным вучнем

Ва ўспамінах бацькі: «Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў (...). Па натуры жывы, рухавы, ён так жа трымаў сябе і ў клясе: круціўся, размаўляў з суседзямі, жартаваў, сьмяяўся (...), гуляў у шашкі (...), спазьняўся ці сыходзіў з урокаў (...), бегаў па клясе. (...) Спаскі [выкладчык — В. Дэ Эм.], гістэрычна крыкнуў:

— Багдановіч, ідзіце вон!

Максім заявіў пратэст супраць такіх недалікатных адносін і адмовіўся падпарадкавацца».


Заводзіў раманы па перапісцы, а пасьля адчуваў сябе вінаватым, калі бачыў дзяўчыну наяве

Паводле ўспамінаў Зоські Верас, Багдановіч ёй казаў: «Маю толькі адно прыкрае перажываньне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай зь Менску (назавём яе N). Завязалася лістоўная прыязьнь, шчырасьць. Вось, прыехаўшы і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязьнь да яе разьвеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу... і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасьць... Ці ж гэта можа не балець?»

Рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў адмаўляўся друкаваць ягоныя першыя творы

Паводле Ластоўскага: «На пачатку траўня месяца (...) Максім Багдановіч (...) прыслаў у „Нашу ніву“ маленькі сшытачак (...) твораў (...). Нябожчык Ядвігін [Ядвігін Ш. — В. Дэ Эм.] ахрысьціў гэты сшытачак „дэкадэншчынай“. (...) сшытак вярнуўся зь перагляду (...), перакрэсьлены сінім алоўкам з надпісам рукой А. Уласава „В архів“. (...) Празь некалькі тыдняў (...) Максім Багдановіч прыслаў (...) новых вершаў (...), але вершы былі зноў „дэкадэнцкія“ і дзеля гэтага трапілі ў тую ж папку (...) „В архів“. Там яны пралежалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на сьвет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленьнем стаў бараніць іх...»